СУСЛАЎКА – вёска ў Першамайскім сельсавеце.

У 1847 годзе сяло маёнтка Радучы Чавускага павета, уладанне А.Хадкевіча, 23 двары, 171 жыхар. Дзейнічала Вазнясенская царква. У 1880 годзе 23 двары, 195 жыхароў. Некаторыя вяскоўцы акрамя земляробства займаліся сталярным промыслам. У 1897 годзе сяло Радамльскай воласці, 21 двор, 133 жыхары, царква (мураваная), царкоўнапрыходская школа (38 вучняў-хлопчыкаў). Сядзіба святара налічвала 3 двары, 10 жыхароў. Побач знаходзіўся аднайменны пасёлак, 23 двары, 123 жыхары. У 1909 годзе 27 двароў, 150 жыхароў. З 20.08.1924 года цэнтр сельсавета Дрыбінскага раёна Аршанскай акругі (да 26.07.1930 года), з 08.07.1931 года ў Чавускім, з 12.02.1935 і з 29.12.1989 года ў Дрыбінскім раёнах, з 14.10.1959 года ў Першамайскім сельсавеце і Горацкім раёне. У 1926 годзе сяло, 13 двароў, 54 жыхары, і пасёлак, 36 двароў, 188 жыхароў., працавала 4-х гадовая школа (у 1925 годзе – 64 вучні). У 1935 годзе дзейнічалі 2 кузні калгасаў “Чырвоны сцяг” і “Чырвоная зара”. У Вялікую Айчынную вайну 19.09.1942 года партызаны атрадаў пад камандаваннем М.Н.Іванова, М.Т.Перапечкіна, І.В.Кананыхіна разграмілі валасную ўправу, якая размяшчалася ў вёсцы. За гады вайны карнікі спалілі 56 двароў. З 1950 года вёска ў складзе ўзбуйненага калгаса “1 мая”, з 19.04.1957 года ў саўгасе “Першамайскі” (цэнтр в. Трылесіна). У 1967 годзе з вёскай зліўся пасёлак Суслаўка. На 01.01.2004 года 39 двароў, 60 жыхароў. Магазін, фельчарска-акушэрскі пункт.