вёска ТРЫЛЕСІНА

Дата: 28 апреля 2021 в 22:36, Обновлено 29 апреля 2021 в 22:41

ТРЫЛЕСІНА

вёска, цэнтр Першамайскага сельсавета і саўгаса “Першамайскі” (Трылесіна-агра).

У 1636 годзе – сяло: 22 валокі зямлі ў Бардзілоўскім войтаўстве Магілёўскай эканоміі Аршанскага павета Рэчы Паспалітай. У 1785 годзе – вёска, 45 двароў, 251 жыхар, уладанне В.Я.Чычагава, у Чавускім павеце расійскай імперыі. У 1847 годзе Трылесіна – маёнтак, уладанне А.Н.Перасвет-Солтана. У склад маёнтка ўваходзілі 2 фальваркі, сяло, 5 вёсак, 4 млыны, вінакурня, кузня, цагельны завод. Фальварак Трылесіна налічваў 19 сем’яў дваравых сялян, 77 чалавек. Пабудовай палаца і дваравой забудовы кіраваў архітэктар А.Ідзькоўскі. З 1862 года маёнтак знаходзіўся ва ўладанні М.А.Хлюдзінскай. У 1882 годзе – 2226 дзесяцін зямлі, 3 млыны, сукнавальня, карчма, вінакурня (у 1879 годзе – 8 рабочых). У 1897 годзе – фальварак, 4 двары, 33 жыхары, вадзяны млын, сукнавальня. У 1909 годзе фальварак (уладанне Дэ-Леноры), 4 жыхары, з 1908 года працаваў вінакурны завод (у 1918 годзе нацыяналізаваны). У 1922 годзе ў  былым маёнтку створана сельскагаспадарчая арцель “Асвета” (у 1925 годзе – 4 сям’і, 15 чалавек, 50 га зямлі). З 20.08.1924года – у Гаспадоўскім сельсавеце Дрыбінскага раёна Аршанскай акругі БССР (да 26.07.1930г.), з 1931 года – цэнтр таго ж сельсавета (з 1939 года Першамайскі сельсавет), з 08.07.1931 года і з 16.09.1959года – у Горацкім, з 12.02.1935 года і з 29.12.1989 года – у Дрыбінскім раёне. У 1926 годзе – 27 двароў, 105 жыхароў. У 1930 годзе у вёсцы працавалівадзяны млын, масласыраробчае, садавінагародніннае, цагельнае і ганчарнае прадпрыемствы, 7-мі гадовая школа, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, арганізаваны калгас “Майскі дзень” (у 1932 годзе – 32 гаспадаркі). У 1940 годзе – 58 двароў. У Вялікую Айчынную вайну, 19.09.1942 года партызаны брыгады “Звязда” (камандзір М.І.Іўлеў) разграмілі нямецка-паліцэйскі гарнізон, які размяшчаўся ў вёсцы. Вёска взвалена ад фашыстаў у чэрвені 1944 года. За гады вайны карнікі спалілі 40 вясовых двароў. 41 жыхар вёскі загінуў у баях з гітлераўцамі на франтах вайны  1941 – 1945 гг. У 1968 годзе на ўшанаванне іх памяці, на поўдзень ад вёскі, пастаўлены абеліск. Пасля вайны вёска адбудавана, з 1946года працавала Трылесінская (Першамайская) МТС (рэарганізавана 31.03.1958 года). З 1950 года вёска – у складзе узбуйненага калгаса “Чырвоны волат”, з 19.04.1957года – цэнтр саўгаса “Першамайскі” (уключаў 13 вёсак, 6,8 тыс.га зямлі). З 1990 года на тэрыторыі вёскі пабудаваны пасёлак для жыхароў Краснапольсага раёна, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. На 01.01.2004 года ў вёсцы – 506 двароў, 1263 жыхары, будынак Выканкама сельскага савета, цэнтральная сядзіба саўгаса “Першамайскі”, бальніца, аптэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, філіял АСБ “Беларусбанк”, гандлёвы цэнтр,участак УКП “Жылкамгас”, абласная псіхіатрычная бальніца, музычная школа.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.